Website powered by

Спорнік

«Спорнік або Спарнік - адзін з сядзібных духаў, захавальнік і памнажальнік багацця гаспадара. Спорнік набывае постаць чорнага ката і ў гэтым выглядзе яго можна пабачыць у свіране або гумне, дзе гэты кот на таку адрыгвае зерня.

Калі недасведчаны парабак вырашыць прагнаць такога ката, кінуць у яго што або нават ударыць, то Спорнік спаліць усё гумно, а сам перавернецца ў дугу.

У той жа час, калі хто здагадаецца перакінуць такую дугу сабе ў двор, то Спорнік будзе жыць у яго і ўсяляк узбагачаць.

Любімая страва Спорніка гэта несалёная яешня. У гэтым сэнсе Спорнік вельмі падобны да Клетніка (Хута, Хатняга Цмока). Апошні таксама любіць яешню, перакідваецца ў старое кола або палена і носіць аднекуль зерне ў гумно. Функцыі іх вельмі падобныя.

Спорніка і Хута могуць заклікаць толькі ведзьмы і ведзьмары, людзі якія займаюцца чарадзействам.

Часам Спорнік можа прымаць і выгляд маленькай вогненнай птушкі падобнай да вераб’я.»

З нататкаў нячысціказнаўца Яна Клікста Лашкевіча