«Неяк я ішоў праз невялікую вёску каля Глыбокага і раптоўна збоку пачуў: «Галыш! Куды пабег галыш?!». Мяне перасмыкнула і душа сышла ў пяткі. Аказалася, гэта мясцовы стары сюсюкаў са сваім паўгадавым унукам, той басанож бегаў па траве.
Так, у гэтых месцах ужо і забыліся, што раней падобным словам звалі жудасных Русалак. Я ніколі не забуду сустрэчу з адной з іх.
Я тады па просьбе спадара Шэйна, адправіўся ў мястэчка недалёка ад Крычава, дзе стаялі старажытныя валуны.
У вёсцы я сустрэў сям’ю, дзіця якой мела страшныя раны на твары. Маці і бацька расказалі мне пра тое, што здарылася з ім і гэта адцягнула маю ўвагу ад старажытных валуноў.
Аказалася, малец быў не адзіны, хто пацярпеў ад пачвары. Разам з яго бацькам мы адправіліся ў суседняе поле вылавіць і забіць монстра.
Галышка - страшная русалка з лысай галавой, белай скурай і чырвонымі вачыма. Яе грудзі пакрытыя іголкамі, яна ловіць дзяцей і падлеткаў у палях, прымушае піць малако з калючых грудзей. Верагодна, Галышка гэта продак Цыцохі і Цыгры. Калісьці даўно гэтыя русалкі мігравалі на Палессе і з’явіліся такія жабападобныя разнавіднасці, якія па сваіх паводзінах вельмі падобныя.
Апошніх зараз шмат, а вось Галышкі амаль зніклі. Мы з бацькам таго хлопчыка тады ледзьве жывыя засталіся. Калі б не мой сталёвы крыжык… Шэйну я пра гэтыя прыгоды вядома ж нічога не распавёў. Ды ён і не паверыў бы…»
З нататкаў нячысціказнаўца Яна Клікста Лашкевіча