1540 год. З Ашмянскага замка выязджае зграя вершнікаў на чале з Аляксандрам Хадкевічам. Коннікі адпраўляюцца на паўночны ўсход у невялікае селішча, дзе сяляне займаюцца бабровым промыслам.
Сялян, якія разводзяць баброў і здабываюць мех і бабровы струмень, называюць баброўнікі.
У мястэчку Ліпаўка бунт баброўнікаў. Яны не жадаюць плаціць нядаўна павялічаную павіннасць і патрабуюць перамоваў са старастай. Прыбыўшы на месца, Аляксандр пасля размоваў з мясцовымі зразумеў, што галоўны завадатар хваляванняў стары баброўнік Нікадзім. Кажуць, ён ужо даўно “крывы” і кожная Расамаха яго ведае ўздоўж усёй ракі Ашмяны.
Аляксандр вырашае пытанне ціха. Уначы яго слугі схапілі Нікадзіма і забілі, а потым утапілі. Без галоўнага падбухторшчыка стараста хутка дамовіўся з астатнімі сялянамі.
***
На беразе ракі Ашмяны. Аляксандр спешыўся памыцца ў рацэ, бо надвор’е было гарачае. Адкуль не вазьміся з’явіўся невялікі сівы бабёр і ўкусіў старасту за нагу. Аляксандр паспеў убачыць вочы жывёлы, перад тым, як тая адыйшла ў ваду. Яны былі чалавечыя і позірк кагосьці яму нагадаў.
***
Праз два дні ў Ашмянскім замку знік стараста Аляксандр Хадкевіч. А на раніцу трэцяга дня варта закалола дзідамі ў яго пакоі жудасную істоту паўчалавека-паўбабра.