1543 год. Замак у Геранёнах. Малады прынц Жыгімонт Аўгуст III прыязджае ў маёнтак Гаштольдаў дапамагчы вырашыць маёмасныя справы ўдавы Барбары Радзівіл. Гэта афіцыйная мэта візыту. Насамрэч, маладая ўдава і прынц закаханыя, другі тыдзень яны праводзяць разам час у далечыні ад сталічных інтрыг.
***
У адным з замкавых пакояў вядуць гутарку двое са світы прынца: Якаў Няміра — сын каралеўскага каморніка, і Марцін — лоўчы прынца.
— Як ты, Марцін, лічыш, гэта яна шчыра? Ці хітрасць, каб кароль па праву кадука не забраў маёнтак?
— Яны маладыя! Я ня думаю, што тут ёсьць нейкі разлік. Ды і сама Барбара заквітнела, гэта бачна.
— Яшчэ б, малады прынц! Ды яшчэ і ў росквіце сіл, а Станіс быў стары для яе і без году нябожчык…Хм…Такі магутны род і нікога не засталося…
— Ну, людзі тут рознае кажуць.
— Ты пра яго брата?
— Так. Людзі гавораць ён жывы.
— Я чуў, што ён нібыта звар’яцеў, а потым уцёк з замка. Растварыўся сярод сялянства! Альбрэхт яго шукаў і не знайшоў.
— Гэтая гісторыя ахутана містыкай. Канюшы мне расказаў увогуле нейкую дзіўную казку. Пры гэтым усе да адзінага паляўнічыя замка мне яе пацвердзілі. І нават на кухні гаварылі…
У адну з вельмі снежных зім, малодшы сын Альбрэхта Юрый Гаштольд (родны брат Станіслава) адправіўся на паляванне. Дзічыны амаль не было, але ён напаў на след нейкіх істот.
Спачатку паляўнічыя вырашылі, што гэта статак ланяў. Але, па меры пераследу, яны разгледзелі істот лепш. Ад лані ў тых былі толькі рогі. Істоты былі неверагодна хуткія і падобныя больш на людзей, пакрытых белай поўсцю.
Сляды на снезе завялі Юрыя ў самы гушчар старажытнага лесу. Світа прасіла вярнуцца назад, але малады дваранін быў настойлівы і нават кінуў коней каб прайсці далей…
У глыбіні лесу перад праследавальнікамі паўстаў вялізны валун. Яго было ніяк не абысці. Сляды вялі наўпрост праз яго. Ледзь Юры дакрануўся да яго і…
Раптам пачуўся жаночы крык і Юрыя адкінула ўбок. З расколіны ў валуне вылецеў струмень шэрага дыму і, як змяя, запаўз прама ў рот двараніна. На вачах паляўнічых малады Юры пачаў ператварацца ў нейкага жахлівага звера. Ён накінуўся на паляўнічых і пачаў ірваць тых ікламі і кіпцюрамі.
Хтосьці кінуўся бегчы прэч і змог выратавацца. Альбрэхт некалькі разоў пасылаў на пошукі салдат, але тыя не знайшлі ні Юрыя, ні целаў загінуўшых, ні вялізнага валуна…
Альбрэхт шмат раіўся са знахарамі, нават да нейкай вядзьмаркі звяртаўся. Але пасля, прыпыніў пошукі і загадаў больш ніколі ў тым лесе не паляваць. Мясцовыя кажуць, што пярэварацень і дагэтуль ахоўвае логава тых дзіўных істот. Некаторыя паляўнічыя яго сустракалі. Іншыя гавораць, што бачылі Юрыя ў чалавечым абліччы ў вёсцы, але з дзікімі вачыма.
— Гэта цікава… — задуменна выказаў Якаў і працягнуў,
— Здаецца, вось нам, Марцін, і месца для наступнага палявання…