У паданнях, зафіксаваных у беларуска-літоўскіх летапісах, хроніцы Мацея Стрыйкоўскага і пазнейшых пераказах, расказваецца пра тое, як у час палявання бацька Гедыміна князь Віцень пачуў у лесе плач пабуджанага гукамі паляўнічых рагоў немаўля і ўзяў яго на выхаванне. Па іншай версіі дзіця, якое плача, было знойдзена Гедымінам у арліным гняздзе. Мясцовасць атрымала назву Verkiai (Веркяй, прыгарадны маёнтак Вільні; ад літ. verkti - «плакаць»), а дзіця - імя Ліздзейка.
Выхаваны пры княжым двары хлопчык стаў вярхоўным жрацом крыве-крывайцісам і, ажаніўшыся з сястрой князя Віценя ці Гедыміна, ад якой меў дачку Паяўту ці Паяту, нібыта стаў родапачынальнікам княжых родаў Радзівілаў, Асціковічаў, Нарбутаў і іншых літоўскіх дваранскіх.
Калі Гедыміну ў Швінтарогавай даліне каля ракі Вільні прысніўся вялізны жалезны воўк на Туравай гары, які выў, як сотня ваўкоў, Ліздзейка вытлумачыў яго як знак таго, што ў гэтым месцы будзе сталічны горад, слава якога распаўсюдзіцца па ўсім свеце. Так была заснавана Вільня