1509 год. Недзе ў лясах Кобрынскага княства. Двое вершнікаў у асяроддзі паляўнічых сабак павольна плывуць па лясной сцежцы.
- Справа зроблена?
- Гэты чалавек яшчэ ніколі мяне не падводзіў, ён зробіць працу чыста.
- Галоўнае, каб усе падумалі, што гэта няшчасны выпадак.
- Павер мне, Томаш, Казімір з гэтага палявання не вернецца, усё будзе так, як мы планавалі.
- Ведаеш, калі такая далікатная справа залежыць ад кагосьці, каго я не ведаю, то я пачынаю нервавацца.
- Ну, ты мог бы ўласнаручна прыкончыць нашага братка!
- Гэта не па-хрысціянску…
***
Дабучын. Шляхецкі двор. Тры месяцы, як шляхціц Казімір Брохвіч прапаў без вестак падчас палявання. Абавязкі па кіраванні родавай маёмасцю ўзяў на сябе яго брат Томаш.
У сваім кабінеце Томаш, седзячы за сталом, разбіраў паперы. Раптам у пакой уварваўся малодшы з братоў.
- Ён вярнуўся! Томаш, усё прапала! Ён жывы! - задыхаючыся выпаліў Мікалай.
- Хто вярнуўся? Ціха! Супакойся, прысядзь.
- Казімір! Ён жывы! І гэта праз тры месяцы! Цэленькі, а з ім нейкі чалавек. Кажуць ён яго і выратаваў у лесе... Нікадзім ці як там яго. Вельмі дзіўны, нібы музыка.
- Што кажуць?
- Што падасланы забойца напаў і смяротна параніў, але гэты Нікадзім знайшоў яго і выхадзіў.
- Дзе твой чалавек?
- Я адправіў яго з даручэннем, ён, напэўна, зараз у дарозе.
- Ён павінен знікнуць. Я маю на ўвазе назаўжды знікнуць. Ты мяне зразумеў? Зрабі гэта. Казімір не павінен даведацца, што за замахам на яго стаялі мы.
***
Праз сем дзён. Пір у шляхецкай карчме ў гонар вяртання Казіміра. За доўгім сталом поўным ежы шмат гасцей. Сярод іншых Томаш і Мікалай.
Казімір звярнуўся да чалавека, які сядзеў па правую руку ад яго:
- Нікадзім, дзе твая дуда? Сыграй нам што-небудзь! Няхай людзі ацэняць твой талент.
Нікадзім устаў з-за стала і ўзяў у рукі дуду. З інструмента палілася цудоўная чароўная музыка. Лютніст пачаў падыгрываць дудару.
У імгненне Томаш і Мікалай закружыліся ў танцы каля доўгага стала. Гэта адбылося неўсвядомлена. У страху яны глядзелі на прысутных. Акрамя іх ніхто не танчыў.
Іх рухі паскараліся. Людзі за сталом замерлі, ніхто не прамаўляў ні слова, усе позіркі падалі на двух братоў. На іх тварах быў жах, здавалася, што яны не кантралююць свае целы. Казімір з ухмылкай глядзеў на іх танец зусім не здзіўлены такім дзеяннем.
Томаш адчуваў, што вось-вось і ён страціць прытомнасць. У вачах цямнела. Ён зірнуў на Нікадзіма. З дудой у руках стаяў не чалавек. Гэта была нейкая істота пакрытая поўсцю з галавой аленя і чорнымі ззяючымі рагамі. Томаш страціў прытомнасць.
***
Карчма. Пустая зала. Слугі прыбіраюць са стала. Ніхто не звяртае ўвагі на два мёртвыя целы, якія ляжаць на падлозе.
Аленелак.