Website powered by

Вожалак

1536 год. Радуньскі замак. Раніца. Вершнік галопам нясецца праз мост у замкавую ўязную браму.

— Вось! Вось яна, трава гэтая! Зелле… Яна сказала, каб піў яго гарачым, пакуль не астыла! — запыхаўшыся кажа вершнік, саскокваючы з каня.

Да вершніка павольна наблізіўся высокі і хударлявы мужчына, з ног да галавы апрануты ў чорнае адзенне, з такой жа чорнай доўгай барадой і белым, як снег, тварам.

— Супакойся, Хведар! Хто яна? Пра каго ты кажаш? — запытаўся чалавек у чорным.
— Дык старая, тая самая старая, што каля Кемейш жыве. Княжна мяне да яе за зеллем для спадара пасылала…
— Добра, добра. Давай, я аднясу яго ў Кутнюю Вежу. Паклікайце спадарыню! Здаецца, сёння ў вечары будзе свята! — абарваў яго чалавек у чорным і выхапіў торбу, у якой быў збанок з зеллем.

***

Цёмны падземны драўляны пакой пад Кутняй Вежай. Каля сцяны, нібы вялізны чалавек, нейкая істота закаваная ў ланцугі ды калодкі стаіць на каленях.

Скура ў гэтай істоты шэрага колеру, рэбры неяк жудасна тырчаць з тулава і, здаецца, іх нашмат больш, чым у звычайнага чалавека. Замест валос — іклы, быццам бы сотні кінжалаў, а вочы чорныя, як ноч, што без зорак і месяца.

У пакой уваходзяць некалькі ваяроў і чалавек у чорным адзенні, які трымае ў руках бронзавы кубак.

Шэрая пачвара пачынае біцца і рваць ланцугі, жудасна шыпець быццам бы змяя. Але яе настрой раптам змяняецца, калі ў пакоі з’яўляецца княжна замка са сваімі служкамі — Аляксандра Сулькевіч.

Княжна бярэ бронзавы кубак і падыходзіць да шэрай пачвары. Шэптам яна кажа:
— Каханы, гэта я… Ты пазнаешь мяне? Анжэй? Трэба гэта выпіць… Яно дапаможа табе… Дапаможа нам…

***

Ноч. Гаспадарскі дом у замку. Пакой чорнага чалавека. На стале стаіць збан з зеллем, якое прывез зранку вершнік. Збан поўны да краёў. Побач стаіць бронзавы кубак і іншы збан, які напалову пусты. Чорны чалавек сядзіць на стуле і ў руках трымае нейкі пергамент. Можна разабраць некалькі словаў: “Расол”, “разрыў-трава”.

— Сёння… Сёння… — паўтарае чорны чалавек і працягвае — Сёння будзе свята!

За вокнамі начную цішыню пачынаюць абрываць крыкі. Чутны галасы:

— Ааа! Ратуйцеся! Вожалак на волі!