1564 год. Рака Ула.
Мікалай Ястржэмбскі ў сваім шатры схіліўся над невялічкім столікам, на якім стаяла бутэлька з нейкім зеллем. Душа яго раздзіралася паміж паганскім і хрысціянскім пачаткам. Ён жа крумкач! Корвін! Спадчыннік вялікага літвінскага роду герба Слепаўрон. Крумкач сімвалізуе мудрасць, востры розум і даўгалецце. Чаму ён так баіцца гэтай бойкі?
— Пій! — шапнуў яму на вуха чорт.
Прачнуўшыся пасярод ночы шляхціц адчуў невыносны боль у галаве і страшны запал у грудзях, ён выбег з шатра. Хтосьці з салдат каля вогнішча выгукнуў: “Кадук яго! Гэта ж Крумкалак!”.
Лязг мячоў, крыкі і грукат. Калі ўсё скончылася, Мікалай звярнуў позірк на свае акраваўленыя рукі, яны былі пакрытыя ці то чорнай поўсцю, ці то дробным пер’ем. На руках былі пачварныя вострыя кіпцюры. Дзе люстэрка? Шляхціц хацеў нешта выгукнуць, але замест гэтага пачулася: “Кааар!!”.
Я знайду цябе Расол! Ты вернеш мне тое, што скраў! Крумкалак. Кааар!