Дзейнасць Палевіка накіравана на адну толькі шкоду палявой гаспадарцы чалавека. Ён разбурае загародкі, вешкі, прываблівае выглядам хлебных і лугавых раслін, каб прыманіць скаціну ў шкоду, прычым стараецца зрабіць гэта на ўчастку ненавісніка. Тое ж робіць Палявік, калі прыманьвае дзяцей і моладзь у кветкі, палявыя (і агародныя) расліны, як, напрыклад, бульба, бручка, агуркі ці проста - для гульняў і зборышчаў. Замест усяго гэтага Палявік учыняе і прамую шкоду: прыгінае да зямлі збожжа і траву, скручвае расліны, адхіляе дождж, засылае шкодных насякомых, водзіць там і тут да знямогі дзяцей, што заблудзілі; падстройвае каровам «гізы», мучыць жывёл на пашы, як і людзей за работаю, авадамі, сляпнямі, камарамі.
Не пашкадуе Палявік і сталага нармальнага чалавека: апошні можа заснуць на кучы камянёў ці палявых каранёў, якія збіраюць пасля баранавання, у бруднай канаве, у мокрай лагчыне і інш. Усіх наведвальнікаў палёў і лугоў Палявік насцярожвае дзікім рэхам, перадражніваннем, свістам, ровам, а галоўнае - страшным выглядам.