1542 год. Двое падарожнікаў павярнулі з дарогі на Браслаў у бок лесу.
***
— Дзед Кастусь, ты заўсёды гэтымі балотнымі сцежкамі з Гунілаў у Браслаў ходзіш?
— Ну… так, так карацей выходзіць. Але трэба ведаць тут крыху, дзе, што, як ісці…
— Вах! А гэта яшчэ што за цуды?!!! — раптам абарваў старога малады Янка.
Праваруч ад падарожнікаў убок ад сцежкі проста з балота тырчалі верхавіны нейкіх будынкаў. Адно было прыкметна больш за іншыя. Было відаць яго разбітыя вокны другога паверха, з якіх туды сюды скакалі і квакалі жабы. Першы ж паверх быў затоплены, вокны і ўваходныя дзверы пайшлі цалкам пад ваду. Сцены будынка моцна счарнелі, паўсюль быў мох і іншая расліннасць. У суседніх будынкаў з вады тырчалі толькі дзіравыя дахі.
- Гэта ж хто дадумаўся палац сабе на балоце пабудаваць?
- Калісьці гэта была сядзіба Дамініка Жабы — адказаў дзед Кастусь.
- Мянушка што трэба! Мусіць, таму сабе і такое месца абраў? — пажартаваў Янка.
- А раней тут не было ні балота, ні лесу. Вось так! Прыгожы дагледжаны парк і ўсё сухенька…
- І даўно?
- З гадоў дзесяць таму…
- Да ну! Як такое магчыма?
- У прыроды свае дзівацтвы. Але ёсць і мясцовая легенда, якая гэта ўсё тлумачыць.
Кажуць, Дамінік гэты быў той яшчэ кабель, ніводнай маладой спадніцы не прапускаў. А тут недалёка, у Старым Пагосце, прыгажуня мясцовая жыла. Глаша клікалі. Жаба гэты на яе ўсе сліну пускаў, і так, і гэтак, а яна ні ў якую. Нарэшце звар’яцеў ён на ёй, усё гатовы быў аддаць, абы яна з ім была. Кляўся ёй у каханні, вернасці, вяселле абяцаў… а потым, калі атрымаў што хацеў, то падмануў. Ну дзе ён, а дзе вясковая дзеўка.
Праз нейкі час Дамінік гэты ажаніцца надумаў. Маці яго яму партыю, казалі, добрую знайшла. Толькі вось па прыездзе той яго нявесты ў сядзібу і Глаша заявілася. Аказалася, ведзьмай яна была. З-за дурніцы і гора заклён яна страшны наклала, чарцям там жа парад усімі жыццё сваё аддала. Вось сядзіба пад зямлю ў балота і правалілася.
А Дамінік, прыгажун, у пачвару жудаснцю ператварыўся і ўсіх сваіх (і сваякоў, і гасцей) на кавалкі разарваў. Пры чым, кажуць, ён памерці не можа, несмяротны, і вось у гэтым абліччы да гэтага часу тут жыве. Не можа ён гэтую сядзібу пакінуць…
— Дзед. Ну, жудасць якая…
— Ну, жудасць не жудасць, а пару хлопцаў мясцовых у гэтую сядзібу залезці хацелі. Байкі ходзяць, што золата там. Але, прапалі. Бабкі палохаюць, што Жаба іх разарваў, а я думаю, што патанулі. Туды падыходу зусім няма. Пойдзем Ян, да вечара трэба да Браслава дайсці.
Дзед Кастусь паціху пайшоў наперад далей па сцежцы. Янка яшчэ нейкі час глядзеў на сядзібу. Узіраючыся ля даху аднаго з флігеляў, ён нібыта ўбачыў сілуэт рыцара. Той у іржавых даспехах стаяў нерухома. Замест чалавечай галавы ў яго была галава вялізнай жабы. І чорныя вочы, якія глядзелі на Яна.
Хлопец паспяшаўся наперад…