1409 год. Лясы каля Услоніма.
— (Нямец.) Я бачу яе!
— (Нямец.) Так, падобна гэта яна. Стары казаў, што як мінем гэты лес, то адразу ўбачым яе шпіль.
— Нам давядзецца пакінуць коней.
— Гэта навошта яшчэ?
— Далей мы пойдзем цераз балота, трэба пехам.
— Няўжо няма іншай дарогі?
— Прайсці да вежы можна толькі праз гэтыя багны.
— (Нямец.) Можа гэты стары спецыяльна нас сюды вядзе, каб мы згінулі тут у гэтай багне? З чаго ўвогуле ты яму верыш, Ульрых?
— (Нямец.) Ён не першы ад каго я чуў пра гэты скарб. Апроч патрачанага часу, нам нічога не варта праверыць гэтае месца.
— (Нямец.) А што ён казаў пра нейкіх каўматых пачвар?
— (Нямец.) Гэта старэчыя трызненні, страшылкі для юнакоў. Я думаю гэта прыдумалі мясцовыя, каб адбіць жаданне ў падарожнікаў совацца ў гэты бок. Кажуць, гэты Бэлтовіч меў стасункі з самымі пачварнымі мясцовымі вядзьмаркамі, мо адтуль гэтыя байкі…
— Сунешся тут, тут і прайсці-та як?
Тэўтонцы прыняліся здымаць з сябе латы. Стары Францішак прывязаў коней да дрэва і ўвесь час узіраўся ў гушчар лесу…
***
Каля ўвахода ў вежу.
— Гэта дзіўна…
— Што не так, Зігмунт?
— Ідэальна роўныя, гладкія. Нібы кожны камень падбіраўся спецыяльна, кожны на сваім месцы. Але яны ніяк не апрацованыя!
— І сапраўды, мабыць будаўнікам прыйшлося патраціць не мала часу, каб такое пабудаваць.
— Гэта пабудавалі не людзі… — абарваў крыжакоў Францішак.
— А хто? Зноў стары ты са сваімі байкамі.
Крыжакі агалілі мячы і ўвайшлі ў цёмру вежы. Ступені лесвіцы вялі глыбока ўніз.
***
Нарэшце свет — гэта выхад. Ульрых, кульгаючы, ледзь выпаўз. Па яго целе струіліся ручайкі крыві. З спіны тырчалі тры стралы. Зігмунта не было. Крыжак дапоўз да края пляцоўкі і зірнуў уніз. Неверагодна! Увесь час яны паглыбляліся ўніз вежы, нават пасля нападу жоўтавокай пачвары. Як так атрымалася, што зараз ён быў на самым версе вежы?
Крокі. Лязг. На вежавай пляцоўцы з’явілася постаць невядомай істоты пакрытай шэрай поўсцю з жудаснымі жоўтымі вачыма. Яна павольна падыйшла да Ульрыха і наставіла на яго арбалет. Ульрых ляжаў на жываце і глядзеў уніз праз край вежы. Тамака стаяў Францішак. Вочы яго гарэлі жоўтым. Ён бачыў і пачвару, і крыжака. Вжых. Болт прабіў галаву Ульрыху.