“Мяне загадаў паклікаць мясцовы рыбак Трахім. Мы з ім неяк разгаварыліся і таму, палічыўшы мяне вучоным мужам, ён вырашыў, што я магу дапамагчы знахарцы. Ужо якую гадзіну тая спрабуе прагнаць Сурокі ад беднай жанчыны Ганны, але нешта ідзе не так.
Сурокі – гэта дух хваробы, псота або няшчасце, якое выглядае як нейкая жывая аморфная істота, выкліканая з балотаў праклёнам вядзьмаркі або чараўніка. Часам можа быць наступствам і "дурнога вока". Вядзьмак нават няўмысля можа пусціць чароўнае слова з ветрам.
Знахарка пусціла мяне не адразу. Першае сярод іншых пытанняў было, а ці ахрышчаны я і ці нашу крыжык? Я адказаў станоўча, бо ў мяне іх адразу два: на грудзях і на спіне – вельмі дапамагае ад Русалак, якія любяць ззаду вешацца на спіну на Русальным тыдні.”
З нататніку нячысціказнаўца Я.К. Лашкевіча