“Раптам мяне нешта схапіла за нагу, і я зваліўся ў ваду. Свіцязь каля берага неглыбокая, але цудоўным чынам я цалкам сышоў з галавой пад ваду. Расплюшчыўшы вочы, скрозь празрыстую ваду я ўбачыў твар неверагодна прыгожай дзяўчыны з блакітнай скурай. Галізну крыху прыкрывалі яе доўгія валасы, а на яе грудзях вісеў кулон з каштоўным каменем. У імгненне камень заззяў сінім колерам, з яго паліліся прамяні святла, а ў мяне перад вачыма пачалі змяняцца карцінкі.
Старажытны горад Свіцязь блішчаў у промнях поўнага месяца. У адным з княжых пакояў маладая князёўна Пракса ў сваім ложку пакутуе ад кашмару, у якім яе жаніх Войцэх забівае купцоў, каб займець іх багацце...”
З нататніку нячысціказнаўца Я.К. Лашкевіча